Беларуская мова - мелодыя сэрца

Узаемадзеянне ўстановы адукацыі і сям'і па папулярызацыі беларускай мовы

Узаемадзеянне ўстановы адукацыі і сям’і па папулярызацыі  беларускай мовы

     Найважнейшай умовай рэалізацыі супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў з'яўляецца арганізацыя сумеснай дзейнасці, у якой бацькі выступаюць актыўнымі ўдзельнікамі працэсу. Мэтай сацыяльнага партнёрства сям'і і ўстановы дашкольнай адукацыі з'яўляецца: фарміраванне сістэмы добраахвотных і ўзаемазацікаўленых адносін і ўзаемападтрымкі суб'ектаў, якія прыводзяць да павышэння іх выхаваўчага патэнцыялу.

                                                          Формы ўзаемадзеяння з бацькамі:

-наглядна-інфармацыйная;

-індывідуальная;

-калектыўная;

-інфармацыйна-камунікатыўныя.

                                                              Наглядна-інфармацыйныя формы:

  • арганізацыя выдання насценных газет, часопісаў, прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, пытанням развіцця беларускай мовы і літаратуры;
  • бацькоўскія куткі;
  • папкі-перасоўкі;
  • памяткі, інфармацыйныя лісткі, буклеты;
  • BOOKCROSSING - «кніжная палічка» з дапамогай якой можна абмяняцца кнігамі на беларускай мове, абмяркаваць кнігі

                                                                       Індывідуальныя формы:

  • даследчая, праэктная дзейнасць (знакамітыя людзі Беларусі, жывёлы, птушкі беларускіх лясоў, цікавыя мясціны і г.д.);
  • узаемаабмен фотаздымкамі прыгожых беларускіх мясцін, відэазапісамі пра падарожжа па Беларусі, арганізацыя індывідуальных выстаў;
  • заданні творчага характару (прыдумаць казку, апавяданне, верш, намаляваць малюнак і інш.);
  • абагульненне сямейнага вопыту (газеты, альбомы «Сямейныя традыцыі», «Выхадны дзень» і інш.);
  • бяседы, кансультацыі, інтэрв'ю.

                                                                        Калектыўныя формы:

  • правядзенне дзён беларускай мовы з запрашэннем бацькоў;
  • семінары-практыкумы, бацькоўскія сходы, кансультацыі у нетрадыцыйнай форме;
  • педагагічная гасцёўня, канферэнцыя;
  • вусныя педагагічныя часопісы;
  • сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі па правядзенні асветніцкай работы;
  • тэматычныя вечарыны, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў;
  • правядзенне кніжных выстаў, дзён беларускага пісьменства з мэтай прапаганды беларускай мовы і лепшых твораў айчыннай літаратуры;
  • правядзенне народных ранішнікаў, свят;
  • выставы сумесных малюнкаў дзяцей і дарослых;
  • вечары пытанняў і адказаў;
  • адкрыты мікрафон;
  • функцыянаванне аўдыё -, відэа залы

                                                             Інфармацыйна-камунікатыўныя формы:

  • функцыянаванне блога групы на беларускай мове (для беларускамоўных груп);
  • функцыянаванне блога “Размаўляем пабеларуску”;
  • стварэнне інтэрнэт-часопісу;
  • размяшчэнне на сайце ўстановы дашкольнай адукацыі артыкулаў, мультымедыйных матэрыялаў, па вывучэнню роднай мовы, пашырэнню кругагляду пра Беларусь, спасылак на карысныя інтэрнэт-рэсурсы.

                                                              Карысныя інтэрнэт рэсурсы:

http://gavarun.by

http://museum.by

 https://hawat.by

 https://nastaunik.info

 https://www.belarus.by/

http://belarus360.by

 

Па  матэрыялах  лекцыі ДУА МАІРА

свернуть

Адукацыйнае асяроддзе як умова далучэння да беларускай мовы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу

Адукацыйнае асяроддзе як умова далучэння да беларускай мовы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу

       Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове будзе спрыяць арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень у першай палове дня ў сярэдняй і старшай групах, у другой малодшай групе з другой паловы навучальнага года. Правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове, дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ў час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў; прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове; увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове; арганізацыя экскурсій у краязнаўчы музей з мэтай знаёмства з культурай, гісторыяй краіны; наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове; арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове. Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе павінна забяспечваць рэалізацыю адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, спецыяльныя ўмовы для атрымання адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў адпаведнасці з іх станам здароўя і пазнавальнымі магчымасцямі, улічваць узроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзяцей, нацыянальныя і культурныя традыцыі і каштоўнасці, матэрыяльныя і архітэктурна – прасторавыя асаблівасці памяшканняў і тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі Адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі (17.1. Адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі, Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 15.08.2019 № 137)

Пастанова Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь № 50

(24 верасня 2007 года)

“Аб зацвярджэнні пералікаў абсталявання для ўстаноўРазвіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе ў адпаведнасці з Пастановай Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь № 50

                                    можа ўключаць:

  1. Абсталяванне для гульнявой дзейнасці.
  2. Матэрыялы для знаёмства дзяцей з беларускімі народнымі промысламі і рамёствамі, прадметамі побыту.
  3. Матэрыялы для знаёмства дзяцей з культурай Беларусі.
  4. Матэрыялы для знаёмства дзяцей з гісторыяй, традыцыямі Беларусі і роднага горада.
  5. Матэрыялы для знаёмства дзяцей з прыродным і жывёльным светам Беларусі.
  6. Матэрыялы для развіцця маўлення і маўленчых зносін.
  7. Аудэа і відэа дапаможнікі, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі.

1.Абсталяванне для гульнявой  дзейнасці:

-цацкі: лялькі дыдактычныя ў беларускім народным адзенні, калыскі, ложак і інш.;

-аўтамабілі ў тум ліку і сельскагаспадарчая тэхніка (сеялка, сенакасілка, камбайн, трактар з плугам і інш;

-цацкі народныя драўляныя з простымі механізмамі перадачы рухаў і дзеянняў (кавалі, дрывасекі, пільшчыкі і інш.) і інш.;

-элементы касцюмаў і ўпрыгожванняў (для кутка пераадзявання): хусткі, спадніцы, фартухі, камізэлькі і г.д., нацыянальнае адзенне для лялек;

-дыдактычныя гульні: прамысловага вырабу і зробленыя сваімі рукамі.                                                                                                         

                   2.Матэрыялы для знаёмства дзяцей з беларускімі народнымі промысламі і рамёствамі, прадметамі побыту.

-традыцыйныя народныя цацкі, якія адлюстроўваюць звяроў, птушак, людзей, казачных і фантастычных істот, з розных матэрыялаў (гліна, саломка, дрэва, лён), свістулькі;

-куфар распісны, тканыя і вышытыя вырабы (абрусы, ручнікі, сурвэткі, адзенне, і інш.);

-кераміка (міскі, вазы, гладышы, збаночкі-спарышы і іншы традыцыйны беларускі посуд, цацкі);

-вырабы з саломкі, ільну, лазы (лялькі, звяры, птушкі, дэкаратыўныя талеркі, кошыкі і г.д.);

-вырабы з дрэва, аздобленыя разьбой, роспісам,саломкай (шкатулкі,пано).

-сучасныя вырабы,аздобленыя беларускім геаметрычным арнаментам. Важна каб дзеці адчувалі сувязь мінулага і сучаснага.

-серыя кніг “ Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” у дапамогу выхавальніку. Напрыклад, “Цяплыня душы ў звычайных рэчах”, “Да бабулі ў вёску”.

                                       3.Матэрыялы для знаёмства дзяцей з культурай Беларусі.

-партрэты дзеячоў культуры і мастацтва, беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, мастакоўі, кампазітараў;

-творы мастацкай літаратуры, ілюстрацыі па матывах твораў мастацкай літаратуры;

-творы выяўленчага мастацтва: кніжная графіка і ілюстрацыі жывапіс, скульптуры малых форм, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, архітэктура, дызайн інтэр’ера, прадметаў бытавога прызначэння, дызайн упакоўкі і друкаванай прадукцыі;

-розныя віды тэатра (па зместу беларускіх казак), батлейка;

-беларускія музычныя  інструменты.

                                   4.Матэрыялы для знаёмства дзяцей з гісторыяй, традыцыямі Беларусі і роднага горада.

-люстрацыі помнікаў архітэктуры;

- партрэты знакамітых дзеячоў;

-матэрыялы, рапавядаючыя аб іх жыцці і дзейнасці, аб традыцыях беларускага народу. (Дзіцячыя атласы Беларусі “Замкі. Крэпасці. Бажніцы”, “Легенды і паданні”, “Славутыя асобы”);

-серыя вучэбных наглядных выданняў  “Старонкі роднай зямлі” (“Твая сталіца: заводы і фабрыкі Мінска”, “Твая сталіца: тэатры Мінска”, “Твая сталіца: паркі і скверы Мінска”, “Твая сталіца: архітэктура  Мінска”, “Твая сталіца: стадыёны і спартыўныя пляцоўкі Мінска”).

                                            5.Матэрыялы для знаёмства дзяцей з прыродным і жывёльным светам Беларусі.

-ілюстрацыі;

-энцыклапедыі “Дзіцячы атлас Беларусі.Птушкі”;

-планшэты “Поле”, “Луг”, “Вадаём”, “Птушкі”

                                                     6.Матэрыялы для развіцця маўлення  і маўленчых зносін.

-плакаты, ілюстрацыі, серыі карцін рознай тэматыкі, гульні і інш.;       

-Серыя “Я мову родную люблю”

вучэбна-метадычны дапаможнік «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў» Старжынская Н.С., Дубініна Д.М.,

вучэбныя наглядныя дапаможнікі Старжынскай Н.С., Дубінінай Д.М., «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 5 гадоў», «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 5 да 7 гадоў», «Развіццё беларускага маўлення і маўленчых зносін дзяцей дашкольнага ўзросту ад 6 да 7 гадоў”

-Вучэбна-метадычны комплекс “Мае першыя ўрокі”:

         Старжынская, Н.С. “Падрыхтоўка да навучання грамаце” (вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў, вучэбны наглядны дапаможнік для ўстановы дашкольнай адукацыі, рабочы сшытак для выхаванцаў);

Дубініна, Д.М. “Родная мова” (вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў, вучэбны наглядны дапаможнік для ўстановы дашкольнай адукацыі, рабочы сшытак для выхаванцаў;

Дубініна, Д.М. “Родная мова. Крок за крокам” (вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў, вучэбны наглядны дапаможнік для ўстановы дашкольнай адукацыі, рабочы сшытак для выхаванцаў;

-Дубініна, Д.М. “Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору”;

-Дубініна, Д.М. “Родная прырода ў вуснай народнай творчасці”;

-“Залатая скарбонка. Хрэстаматыя для дашкольнікаў”

-Інтэрактыўны настольны плакат Залатая скарбонка. 30 аўдыяказак 1 -3 год, 3 -5 год, 5 -7 год;

-Выданні на беларускай мове  Л.М.Казлоўская “Гуляем-гукі вымаўляем”, “Карэкцыя парушэнняў гукавымаўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”

-Сайт :

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь еdu.gov.by;

Нацыянальны адукацыйны партал adu.by.

7.Аудэа і відэа дапаможнікі,

якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі.

-народныя мелодыі, мелодыі сучасных аўтараў, народная танцавальная музыка ў сучаснай апрацоўцы, старадаўнія беларускія народныя мелодыі;

-аўдыа казкі, вершы, у тым ліку з відэарадам;

-відэа, мультымедыйныя матэрыялы, па вывучэнню роднай мовы, пашырэнню кругагляду пра Беларусь.

 

Па матэрыялах сайта praleska-red.by,  лекцыі ДУА МАІРА

 

свернуть

Дзень беларускага пісьменства. Гісторыя свята

  Дзень беларускага пісьменства. Гісторыя свята.Изображение

    Задума ўзнiкла ў 1990–м, калi ва ўсiм свеце шырока адзначалася 500–годдзе з дня нараджэння славутага першадрукара Францiшка Скарыны. Адбывалася шмат мерапрыемстваў, у грамадстве адчувалася прага да ведаў пра гiсторыю роднага краю, патрэба вяртання да духоўных вытокаў. Тады ў Мiнiстэрстве культуры i друку Беларусi i ўзнiкла iдэя спалучыць набыткi Скарынаўскага свята з традыцыямi ўшанавання нацыянальных святыняў i хрысцiянскiх каштоўнасцей. Iдэя вынесена на абмеркаванне. I вось 25 мая 1994 г. з’явiўся Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Беларусi «Аб устанаўленнi свята — Дня беларускага пiсьменства i друку». А 26 сакавiка 1998 г. абнародаваны Указ Прэзiдэнта № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях i памятных датах у Рэспублiцы Беларусь», якi пацвердзiў, што Дзень беларускага пiсьменства штогод адзначаецца ў нашай краiне ў першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала асаблiва шырокi размах i падтрымку на самым высокiм узроўнi.
Сталiца Дня беларускага пiсьменства выбiраецца штогод — гэта мусiць быць мясцiна з багатай гiстарычнай спадчынай. Першым свята прыняў у 1994 г. Полацк — радзiма Францыска Скарыны. 
      Эстафету Полацка прымалi Тураў, Наваградак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнiкi, Ганцавiчы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Iванава. Але святочныя мерапрыемствы заўсёды адбываюцца па ўсёй краiне: тэматычныя ўрокi, лекцыi, семiнары, творчыя сустрэчы.
     У Дня беларускага пiсьменства ёсць свае традыцыi. Адначасова са святам з’явiлася Рэспублiканская навукова–асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». За некалькi дзён да святкавання ў шлях з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга выпраўляюцца прадстаўнiкi творчай i навуковай iнтэлiгенцыi, духавенства. Кожны раз — новы цiкавы маршрут, якi заканчваецца ў сталiцы правядзення свята.Яшчэ адна традыцыя, якой чакаюць, — урачыстае тэатралiзаванае шэсце падчас адкрыцця з удзелам вядомых гiстарычных персанажаў. I абавязкова ў гэты дзень з галоўнай сцэны гучыць прывiтанне Прэзiдэнта гасцям i ўдзельнiкам свята.
     Усё больш замежных гасцей наведваюць свята беларускага слова. З iх удзелам адбываюцца «круглы стол» i навукова–практычная канферэнцыя. Але самая, мабыць, iнтрыгоўная падзея — урачыстая цырымонiя ўзнагароджання лаўрэатаў лiтаратурнай прэмii. З 2006 па 2014–ты на Днi беларускага пiсьменства ўручалi прэмiю Саюза беларускiх пiсьменнiкаў «Залаты Купiдон». А ў 2015–м пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкi з’явiлася прэстыжная Нацыянальная лiтаратурная прэмiя для аўтараў лепшых твораў у розных жанрах. Упершыню яна была ўручана на Днi беларускага пiсьменства ў Шчучыне.21 лютага 2017 г., у Мiжнародны дзень роднай мовы, дадзены старт Рэспублiканскаму конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка». Яго фiнал адбываецца на свяце пiсьменства. Сёлета ў конкурсе прынялi ўдзел больш за 15 тысяч школьнiкаў з усёй Беларусi.Цэнтрам свята робiцца Фестываль кнiгi i прэсы, дзе можна пазнаёмiцца з апошнiмi кнiжнымi навiнкамi, атрымаць аўтографы аўтараў, пабачыць цiкавыя выстаўкi. Там заўсёды ёсць экспазiцыя выдавецтва «Мастацкая лiтаратура».Дзень беларускага пiсьменства пакiдае пра сябе памяць не толькi ў словах i вобразах, але i ў новых турыстычных аб’ектах. Падчас юбiлейнага, X Дня беларускага пiсьменства ў Полацку ў 2003 годзе адкрыты ўнiкальны помнiк лiтары «ў». У Ганцавiчах з’явiўся помнiк Якубу Коласу i Алея пiсьменства. У Хойнiках, на радзiме народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, — скульптурная кампазiцыя «Па старонках твораў Iвана Мележа». У Глыбокiм — Сквер славутых землякоў, дзе ўстаноўлены помнiкi васьмi выбiтным асобам, чый лёс звязаны з Глыбоччынай. У Iванава адбылося адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV, юбiлейнаму, Дню беларускага пiсьменства: стылiзаваны сонечны гадзiннiк, галоўны элемент якога — замацаванае ў мармуровай чашы пяро.Традыцыйна добрым падарункам гораду, якi прымае свята, з’яўляецца адкрыццё кнiжнай крамы, завяршэнне рэканструкцыi помнiка архiтэктуры, новы будынак бiблiятэкi цi Дома культуры. Напрыклад, незабыўнае ўражанне засталося ва ўдзельнiкаў i гасцей свята ў Шчучыне, калi пасля рэстаўрацыi прыняў першых наведвальнiкаў палац князёў Друцкiх–Любецкiх.
        Але галоўнае — тое адчуванне далучанасцi да духоўных каштоўнасцей, якое пакiдае ў душах кожны Дзень беларускага пiсьменства.
 

Па матэрыялах сайта www.sb.by

свернуть

Чытаем разам з дашкольнікамі пра лета

Ніна Галіноўская «Лета»

У сукенцы каляровай,

У хусцінцы васільковай

Ходзіць лета па палях,

Па расквечаных лугах.

Звоніць песняй жаўруковай

Кожны дзень званчэйшай, новай.

Дбайна сонечнае лета

Спеліць ягады для дзетак.

Любіць з імі забаўляцца.

Загараць, спяваць, купацца.

Дораць дзеці лету ўсмешкі,

Гульні, песні і пацешкі.

А расчуленае лета

Дорыць ім букеты кветак.

 

Якуб Колас «Летам»

Ну ж і волі, волі

У гаі за вёскай!

А цяплынь, цяплынь!

Весела на полі,

Слаўна пад бярозкай,

Хоць ты сядзь спачынь.

 

Пчолкі, матылёчкі,

Як сняжынкі тыя,

Мільгацяць вакол.

Жоўтыя пясочкі – 

Крупкі залатыя,

Хоць бяры ў прыпол.

свернуть

Верш "Беларусачка"

Беларусачка

Алесь Бадак

Твар румяненькі,

Белая хустачка.

Я ўжо ведаю,

Я — беларусачка!

I хачу

Так, як тата і мама,

Родны край свой любіць

Я таксама!

Изображение

свернуть

Скарбы мовы

Скарбы мовы

Паважаныя бацькі! 

        Дапамажыце далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову. Напрыклад, можна пачаць з развіцця уменняў ў дзяцей адрозніваць і  самастойна ўжываць формы ветлівасці на беларускай мове.

                                   Прывітанне  ці  развітанне  па-беларуску. 

Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, добрага  здароў′я.

Прывітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай (-ае) раніцы,   дабранак, добры дзень (дзянёк), добры вечар (вечарок), добрай ночы (ночкі). 

Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.

                                                   Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня.

Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін  дзецям.

Дзякуем:

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

 Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

 Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

 Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Па матэрыялах:

1.Вучэбная праграма дошкольнай адукацыі.-Мінск:НІА,2019.

2.сайт sad83bobruisk.schools.by

 

Изображение

свернуть

Размаўляй са мной па-беларуску!

Размаўляй са мной па- беларуску!

     21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА. З прапановай увесці такі дзень выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. Трэба адзначыць, што сярод 25 суаўтараў рэзалюцыі ЮНЕСКА аб гэтым свяце была і Беларусь. Сёння у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

   Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі. Няхай сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Сярод якіх, на жаль, знаходзіцца і наша мова. Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.   Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. І не саромейся недасканалай гаворкі. Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

       “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. Змітрок Бядуля

свернуть

Наша родная мова

 Наша родная  мова.

Мова  продкаў і нашчадкаў.

Шэпт дубравы і пчаліны звон,

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён.

     Развіццё асобы дзіцяці ў грамадстве немагчыма без ведання роднай мовы. Дашкольны ўзрост – найбольш спрыяльны перыяд для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Менавіта ў гэты прамежак жыцця ў дзіцяці фарміруецца цікавасць, патрэба  да ведаў, якія адпавядаюць яго прыродным і індывідуальным задаткам, закладваецца трывалы падмурак ведаў роднай мовы.  Далучаючы дзяцей да роднай мовы, мы будзем садзейнічаць не толькі яе абагачэнню, але і развіццю іх пазнавальных і інтэллектуальных магчымасцяў, веданню беларускай культуры. Бо самае дарагое ў жыцці – тое, што з ранніх год закладзена ў сэрца. І менавіта родная  мова – сувязнае звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцяў, вытокаў народнай мудрасці.  Культура белускага народа найбольш значна выяўляецца ў традыцыйных відах народнай творчасці: гульнях,звычаях, казках, песнях, танцах, музыцы, абрадах, святах, адденні, творах  выяўленчага  і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў. Яны не толькі цешаць сваёй прыгажосцю, мастацкім афармленнем, але і заўсёды і абавязкова маюць выхаваўчае значэнне. Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, спяваць  народныя песні, ведаць, як з веку ў век святкавалі святы ў нашым краі, любіць родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.

     Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць роднай мовай. Будзем выхоўваць іх добрымі, разумнымі,дапытлівымі, цярплівымі і уважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру іх у тое, што яны вырастуць патрэбнымі на зямлі людзьмі.

Не знішчым мы, не страцім,не згубім

Сваіх лугоў, сваіх лясоў.

І родны край, і мову не разлюбім.

У кожным сэрцы гэты дзеяслоў.

Изображение

Літаратура:

Взаимодействие дошкольного учреждения с семьей / авт.-сост.Г.К.Фурс, М.В.Соловьёва, Е.Н.Шаповалова.- Мозырь: ООО ИД «Белый ветер»,2004.- с.39-40.

свернуть

Парады бацькам "Вучымся разам з дзецьмі гаварыць па-беларуску"

Парады бацькам

"Вучымся разам з дзецьмі гаварыць па-беларуску!"

     Родная мова, якой авалодваюць дзеці ў зносінах з дарослымі, з'яўляецца галоўным сродкам засваення імі культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Матчына мова, мова бацькоў, продкаў з'яўляецца і сродкам, і зместам духоўнага развіцця асобы чалавека. Большасць дзяцей дашкольнага ўзросту ў нашай рэспубліцы выхоўваецца ў рускамоўных сем'ях, а яшчэ значная частка ў сем'ях, дзе размаўляюць на так званай "трасянцы" - сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да ўзнікнення з'явы інтэрферэнцыі - "засметчанасць" мовы: пранікнення ў рускае маўленне беларусізмаў, а беларускае - русізмаў. Напрыклад, гаворачы па-руску, ужываюць беларускія словы (сварила бурак), граматычныя формы, уласцівыя беларускай мове (гулять с папам), дапускаюць арфаэпічныя і фанетычныя памылкі (рымень, дзевачка). Часта дзеці паралельна ўжываюць агульныя па значэнні словы абедзвюх моў (кукла і лялька, сапожки і боты, картинка і малюнак, играть і гуляць і інш.). Паколькі адсутнічае граматнае беларускамоўнае асяродзе, у якім нашы дзеці маглі б самастойна засвойваць нормы і правілы маўлення, дарослыя павінны спецыяльна арганізоўваць мэтанакіраванае навучанне дзяцей беларускай мове праз даступныя віды дзіцячай дзейнасці. 

     Паважаныя бацькі, мы не сумняваемся, што вы зацікаўлены ў тым, каб ваша дзіця ў будучым паспяхова засвойвала школьную праграму. 

      Прапануем вам матэрыял, які можна выкарыстоўваць для заняткаў з дзецьмі дома 

  • Гульні і практыкаванні па тэме "Жывёлы" 

https://content.schools.by/detsadmir/library/%D0%B6%D1%8B%D0%B2%D1%91%D0%BB%D1%8B.docx

  • Гульні і практыкаванні па тэмах "Зіма", "Зімовыя забавы" 

https://content.schools.by/detsadmir/library/%D0%97%D1%96%D0%BC%D0%B0.docx

  • Гульні і практыкаванні па тэме "Адзенне. Абутак. Галаўныя ўборы"

https://content.schools.by/detsadmir/library/%D0%90%D0%94%D0%97%D0%95%D0%9D%D0%9D%D0%95.docx 

  • Гульні і практыкаванні па тэме "Наша цела. Прадметы гігіены" 

https://content.schools.by/detsadmir/library/%D0%A7%D0%90%D0%A1%D0%A2%D0%9A%D0%86_%D0%A6%D0%95%D0%9B%D0%90.docx

Изображение

свернуть

"Народны фальклор - храм цудоўнага свету дзіцяці"

Народны фальклор - храм  цудоўнага  свету  діцяці.

      Прывіццё любові да сваёй маленькай Радзiмы, таго напрыгажэйшага куточка, дзе нарадзiўся, вырас, атрымаў першыя жыццёвыя ўрокi, пачынаецца менавiта з дзяцiнства. Кожны чалавек, у тым лiку і маленькi грамадзянiн, павiнен ведаць родную мову, культурную спадчыну свайго народа, гераiчнае мінулае сваёй краіны, бо гэта нашы каранi, нашы вытокi. Многiя з’явы дзяцiнства чалавек памятае ўсё жыццё, таму неабходна ў гэты перыяд знаемiць будучае пакаленне з нашай духоўнай спадчынай, вучыць яго разумець народнае мастацтва, будзiць лепшыя пачуццi прыгожага ў сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак.

    Малыя фальклорныя жанры - мiнiяцюрныя паэтычныя творы, створаныя для дзяцей, якiя маюць канкрэтны педагагiчны кiрунак. Яны ўпрыгожваюць мову педагога, робяць яе вобразнай і прыгожай, прыцягваюць увагу дзяцей. Забаўлянкi, пястушкi прыносяць радасць дзецям, выклiкаюць ў iх жаданне паўтараць словы за дарослымi, выконваць заданнi выхавальнiка, удзельнiчаць ў агульных гульнях. Пястушкi выкарыстоўваюцца педагогамi ў розных рэжымных момантах: пад гукi гэтых вершаў і песень дзецi ахвотна мыюцца, прымаюць ежу, займаюцца. Жыццё дзіцяцi становiцца цiкавейшым, ярчэйшым, а ў яго самога лепш развiваюцца памяць, мысленне, ўвага, маўленне, а калi яно выконвае канкрэтныя рухi, то развiваюцца каардынацыя, узгодненасць, спрытнасць. У час расказвання пястушкi спярша выкарыстоўваецца нагляднасць, потым тлумачыцца сэнс новых слоў, улiчваюцца вопыт і веды дзяцей. Калыханкi - першыя для дзяцей узоры мастацкага слова. Навакольны свет ў iх падаецца ў вобразах, даступных i зразумелых.

Казкамi завуцца такiя слоўныя творы народа, у якiх дзейнікамi з яуляюцца або фантастычныя iстоты, або зверы, або людзi, зазвычай уздольненыя асаблівымi якiмi-небудзь якасцямi. Усе беларускiя казкi класiфiкуюцца звычайна па трох асноўных разделах: казкi пра жывёл, чарадзейныя казкi i сацыяльна-бытавыя. Казкi пра жывёл лiчацца найбольш старажытнымi па паходжаннi, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такiх раннiх форм першабытнага светапогляду, як адушаўленне i ачалавечванне. Трэба бачыць ў iх таксама і далёкiя водгукi татэмiзму – адной з самых старажытных рэлiгiй чалавецтва, сутнасць якой складала вера ў татэма-агульнага для данага роду і якой-небудзь жывёлы цi раслiны продка.

Казкi аб жывёлi складалiся тады, калi даўнаму чалавеку прыходзiлася мець справу са звярамi, баранiцца ад iх, забiваць iх на ежу. Чалавек бычыў у звяроў вялiкую сiлу, хiтрасць, жыццё грамадамi, уменне перадаваць свае думкi, нейкую мову без слоў, але з адпаведнымi гукамi. Грозныя звяры выклiкалi ў яго страх и пашану, ён прыносiў iм ахвяры як вышэйшым за сябе iстотам, як і багам. За доўгiя стагодзi свайго iснавання народная казка ўвабрала ў сябе пачуццi і думкi многiх пакаленняў, абагульнiла сацыяльны i мастацкi вопыт тысяч і мiльенаў людзей, i таму набыла такiя iдэйна-мастацкiя вартасцi, такую глыбiню зместу і дасканаласць паэтычнай формы, што i сення можа служыць адным з магутных сродкаў маральнага, сацыяльнага і эстэтычнага выхавання моладзi.

       Прыказкамi завуцца кароткiя i складныя выразы, якiя вобразна выказваюць думку. Прыказкi творацца ў сувязi з якім-небудзь характэрным выпадкам як кароткi i трапны вывад з развагi аб гэтым выпадку. Напрыклад прыказка: выйграу, як Заблоцкi на мыле стварылася ў сувязi з такою прыгодаю купца Заблоцкага. Завез ён жыта за гранiцу, выменяў на мыла, а каб не плацiць мытнага збору, павёз мыла кантрабандаю, схаваўшы яго на дне судна. У дарозе пратачылася на дно вада, і мыла размякла…. З часам забываецца, калi, дзе, як i з кiм гэтак здеелася, а вывад з разваг аб быўшай падзеi iдзе ў народ як прыказка цi праслоўе для характарыстыкi чагось падобнага. Гэткi ж вывад можа быць зроблены не з праўдзiва быўшага ў жыццi выпадку, а з узятага з казкi, з апавядання.

       У нас нямала прыказак, звязаных з гiсторыяй, цi таких, што характарызуюць гiстарычны быт, напрыклад:

Iжыца, дубец к спiне блiжыцца (аб даўнейшым трудным навучаннi па славянскiх кнігах, у часе якога і бiлi).

- Гаварыў бы па-польску, ды язык конскi (насмяханне над людзьмi, якiя даўней ламаннем мовы на польскi лад хацелi паказаць сваю панскасць цi падслужыцца пану).

Многiя прыказкi характарызуюць даўнейшыя эканамiчныя адносiны ў нашым краi, цяжкое становiшча сялян, прягнечаных панамii звязаны з гэтым быт:

- Калi паны лiкуюць, тады мужыкi без хлеба таскуюць.

- Калi не пад ясi i святых прадасi.

- Багатыр дзiвiцца, чым худак жывiцца.

- Багатаму чорт дзяцей калыша.

                                                  Прыказкамi навучаюць:

- Хто пытае, той и блудзiць.

- Кiнь перад сабою, знойдзеш за сабою.

- Паволi едзеш, далека будзеш.

- Як пасцелешся, так и выспiшся.

- Болей слухай, а меней гавары.

Прыказкi адбiваюць народны светагляд, часам вельмi даўныя вераваннi i абрады:

-Пакланiся кусту, а ен дасць хлеба лусту.

- Нашто таму богу малiца, якi нас не слухае.

- Каторы бог намачыў, той i высушыць.

- Бога хвалi, дый i чорта не гнявi.

-Балота без чорта не бывае.

 - Сказаў бы, ды печ у хаце (значыцца: не скажу з пашаны да месца, дзе жыве Хатнiк, дух дзеданачальнiка роду).

Ёсць прыказкi, якiя характаразуюць класс людзей: напрыклад аб духавенстве у нас ёсць такiя прыказкi:

- Алтарысты і арганiсты - ўсе на рукi не чысты;

- У папа, кажуць, дзве рукi:адна што ксцiць, другая- што бярэць, а той, што даець,- той няма.

Загадкi сустракаюцца у вельмi дауных казках i абрадавых песнях,-найчасцей такiя:

- Што бяжыць без повада? (Вада)

-Што расцець без кораня? (Камень)

- Што гарыць без полымя? (Зара)

- Што бела не белячы? (Лебедзь)

З сiл i з’яў прыроды, апрача сонца цi сонечнага святла, часта загадваюцца загадкi яшчэ i пра месяц, зоркі, гром, агонь, ваду, зямлю, вецер i iнш. Напрыклад:

- Пасцелена дзяруга, на дзяруге рассыпан залаты пясочак, а пасярод залаты крайчык (Зорнае неба i месяц).

- Крыкнуў вол на сто гор (Гром)

-Чорная карова ўсiх людзей пакалола, а белая ўстала, усiх пападымала (Ноч i дзень)

-Ляцiць без крыл па сто мiль (Вецер) 

- Дзве жнейкi цераз мяжу жнуць, адна другой не бачаць (Вочы).

- За белым бярэзнiчкам талалайка грае (Язык)

- Без рук, без ног, а поўзаець (Вужака)

- Ляцiць конь заморскiiржэць ен па-польску; хто яго заб’ець, сваю кроў пральець (Камар)

- Ляжала пакуса, мяса нi куса, чорны, як воран, а равець, як мядзведзь (Жук)

      Вакарыстанне фальклору дае магчымасць вырашыць задачы развiцця беларускага маўлення, раскрыць творчыя магчымасцi дзяцей, сфармiраваць цiкавасць да народнай творчасцi, у гульневай форме далучыць дзяцей да нацыянальнай культуры. Выхоўваючы патрыёта, нацыянальна свядомага чалавека, фальклор адначасова задавальняе патрэбу дзiцячай душы ў гульнi, жарце, асваеннi свету.

                                                Пястушкi

Лес, палянка, 
Горка, ямка, 
А там халодная вадзіца. 
(Малому дзіцятку кудлацяць валасы, потым гладзяць па лобіку, водзяць пальцам па носіку, па роціку, казычуць пад шыйкай і кажуць гэтыя словы.) 

Мішка, Грышка і Шчыпай 
Ехалі на лодцы. 
Мішка, Грышка патанулі, 
Хто застаўся ў лодцы? 
(Дзіцё адказвае "Шчыпай", і яго пачынаюць шчыпаць) 

Хоп-дзюк, хоп-дзюк, 
А я добры дзяцюк. 
І на конікі канюх, 
І на волікі пастух, 
І на качкі стралец, 
І на дзевак маладзец. 

Я пашыю гусьцы тапкі, 
Бо памерзлі ў гусьцы лапкі. 
О-я-яй, о-я-яй, 
Гуська, тапкі абувай. 

Паня сына радзіла, 
На коніка садзіла. 
Канёк вараненькі, 
Панічок маленькі. 
Гуца конік да вады, 
Шаўковыя павады. 
Канёк не напіўся, 
Панічок зваліўся. 

Гоп, гоп, гоп… 
Еду я на коніку. 
Скок, скок, скок… 
Еду я да доміка. 
Гоп, гоп, гоп… 
А ў доміку госці. 
Скок, скок, скок, 
Паны ды ягамосці. 

Кую, кую ножку - 
Паедзем у дарожку, 
За чатыры мілі, 
Па масла, па сыры, 
Дарожка крывая, 
Кабылка храмая, 
А ножка малая. 

Кую, кую пятку, 
Я паеду к татку. 
А ў нашага татка 
Ды на гары хатка. 
І садок, і мядок, 
І цыбулькі градка. 

Кую, кую ножку, 
Паеду ў дарожку, 
Дарожка крывая, 
Кабылка сляпая. 
Еду, еду, еду, 
Ніяк не даеду. 
Прыпрагу сароку, 
Паеду далёка, 
У новай кашулі, 
Да свайго дзядулі. 
Дзед дасць піражочак 
І сыра кусочак. 

Шла каза рагатая, 
Парола дзіця пузатае, 
Шоў следам ваўчок, 
Шчыпнуў за бачок.

свернуть

Гульнi нашай Беларусi

«Гульнi нашай Беларусi»

Гульнi комплексу:

  1. «Селезня вадзiць» (4 мiн.)
  2. «Два агнi» (5 мiн.)
  3. «Запляцiся пляцень» (4 мiн.)
  4. «Блiн гарыць» (4 мiн.)
  5. «Шэры кот» (4 мiн.)
  6. «Прэла-гарэла…» (4 мiн.)

1.«Селезня вадзiць»

Мэта: практыкаване ва уменнi узгадняць  рухi са словамi песнi; развiваць пачуццё сяброуства; выхоуваць калектывiзм.

Iнвентар: шапка селезня.

Апiсанне гульнi

Сярод удзельнiкау гульнi выбiраецца «селезень» (хлопчык цi дзяучынка). Астатнiя становяцца вакол «селезня», утвараюць кола iдуць i прамауляюць:

Селязенька касаты,

Маладзец кудраваты,

Пакажы, селязенька,

Як бабы старыя скачуць.

«Селязенька» скача, а дзецi паутараюць яго рухi.

Селязенька касаты,

Селязенька кудраваты,

Пакажы, селязенька,

Як старыя дзяды скачуць.

Селязенька касаты,

Селязенька кудраваты,

Пакажы, селязенька,

Як дзецi скачуць, i г.д.

Дзецi паутараюць усе яго рухi.

Метадычныя указаннi: хто лепш за усiх будзе паутараць, той i будзе выконваць ролю селезня.

2.«Два агнi»

Мэта: практыкаванне ва уменнi хутка кiдаць i лавiць мяч дзьвума рукамi; развiваць спрыт, арыенцiроуку, уменне разлiчаць сiлу кiдка i адлегласць.

Iнвентар: мячы на кожную пару удзельнiкау, 2 камiзэлькi для «агня».

Апiсанне гульнi

На пляцоуцы чэртяцца дзве паралельныя лiнii даужынёй 10-12 м, якiя утвараюць калiдор шырынёй 4-5 м. Усе, хто гуляе, дзеляцца на дзве роуныя па колькасцi групы i становяцца з абодвух бакоу калiдора за лiнiяй, тварам адзiн да аднаго (утвараючы дзве шарэнгi). Назначаюцца два водзячыя-«агнi» - па аднаму з кожнай группы. «Агнi» знаходзяцца у калiдоры (памiж шарэнгамi). Дзецi, якiя стаяць у шарэнгах, перакiдваюць мяч адзiн аднаму праз калiдор. «Агнi» перемяшчаюцца па усяму калiдору и стараюцца злавiць яго. Калi зловяць, то iгрок, што кiнуй мяч, выбывае з гульнi – ён згарэу.

Метадычныя парады: дзецi-«агнi» павiнны перамяшчацца толькi па калiдоры i iмкнуцца злавiць кiнуты мяч.

3.«Запляцiся, пляцень»

Мэта: практыкаванне дзяцей ва уменнi падлазiць пад пляцень рознымi спосабамi; развiваць лоукасць, сiлу мышцау рук; выхоуваць сагласаванасць калектыуных дзеянняу.

Iнвентар: не патрабуецца.

Апiсанне гульнi

Гуляюць хлопчыкi i дзяучынкi. Яны дзеляцца на дзве каманды па 10 чалавек, узяушыся за руки, утвараюць два ланцугi, якiя знаходзяцца на адлегласцi 10-15 м адзiн ад аднаго. Па дамоуленнасцi адна каманда – «пляцень», другая – «зайцы».

Гульцы, якiя складаюць пляцень, дэкламуюць:

Сцеражыся, карагод,

Зайцы скачуць у агарод!

Пляцень, запляцiся,

Ад зайцау сцеражыся!

Пры апошним слове «зайцы» бягуць да «плятня», стараючыся прарваць ланцуг ды праскочыць пад руками працiунiка. «Зайцы», якiм гэта не удалося, становяцца у ланцуг памiж гульцамi, якiя затрымалi «зайца». Калi ланцуг прарваны, то «зайцы» забiраюць у сваю каманду аднаго з вiнаватых у гэтым гульцоу працiунiка. Пасля гэтага каманды становяцца на ранейшае месца, але мяняюцца гульнёвымi ролямi.

Метадычныя парады: гульня працягваецца да таго часу, пакуль адна з каманд не захопiць усiх гульцоу працiунiка.

4.«Блiн гарыць»

Мэта: развiццё  хуткасці  рэакцыi, смеласці, спрыту;

Выхоуваць пачуццё калектывiзму, сумленнасць.

Iнвентар: не патрабуецца.

Апiсанне гульнi

З лiку тых, хто гуляе, назначаецца лавец. Педагог чэрцiць на зямлi круг, у якi становяцца дзецi. Лавец, стаушы спiной да круга на адлегласцi 1,5 м, гаворыць словы: «Блiн гарыць!» Усе выбягаюць з круга, але адразу ж iмкнуцца забегчы у яго зноу. «Лавец» у гэты час спрабуе дакрануцца да дзяцей. Дзiця, да якога дакранулiся, становiцца вядучым, гульня працягваецца.

Метадычныя парады: вядучы павiнен дакранацца да дзяцей, якiя знаходзяцца са знадворнага боку круга.

5.«Шэры кот»

Мэта: удасканальванне  навыкаў хадзьбы i бегу у калонне; развiвіццё спрыту, хуткасці  рэакцыi; выхаванне  смеласці.

Iнвентар: маска ката.

Апiсанне гульнi

Дзецi выбiраюць ката па лiчылцы:

Раз, два, тры, чатыры,

Ката грамаце вучылi:

Не чытаць, не пiсаць,

А за мышками скакаць.

«Мышы» становяцца за «Катом» у калону. Калона рухаецца па пляцоуцы. Памiж «Катом» и мышамi iдзе размова:

Ёсць мышы у стозе?

Ёсць!

Баяцца ката?

Не!

А я катафей, разганю усiх мышэй!

«Мышы» разбягаюцца, «кот» iх ловиць.

Метадычныя парады: дзецi павiнны знаходзiцца у калонне да слоу «…разганю усiх мышэй»; вымауляць тэкст трэба дакладна, зразумела.

6.«Прэла-гарэла»

Мэта: развiццё  хуткасці рэакцыi, кемлiвасці, спрыту, уменне дзейнiчаць па сiгналу.

Iнвентар: цацкi.

Апiсанне гульнi

Да пачатку гульнi педагог  у розных месцах пляцоукi хавае цацкi. Дзецi становяцца у круг i гавораць наступныя словы:

Прэла-гарэла,

За мора ляцела,

А як прыляцела,

Дзе-небудзь села.

Хто першы знойдзе, той сабе возьме.

Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоуцы i шукаюць схаваныя цацкi.

Метадычныя парады: дзецi не павiнны бачыць, куды педагог хавае цацкi; пераможцам лiчыцца той, хто больш iх знойдзе.

 

Літаратура:

Вількін, Я.Р.  Беларускія народныя гульні/ Я.Р.Вількін – Мн.: Беларусь,1996.

свернуть

Шануйце родную мову!

Шануйце родную мову!

    Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі… Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалёты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас…
Але ўсё гэта стала магчымым, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму.
Мова... Наша родная мова... Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне, чалавек — усе маюць сваю мову. «Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця — гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам», — пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з'яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ей людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваей мэты. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання. Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Памятаеце, як у далёкія часы пакутавалі людзі, якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад радзімы. Цяпер мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
Мова — гэта душа народа. Нагадаем словы народнага песняра Янкі Купалы: “Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць”. Купала сцвярджаў, што вырачыся роднага слова — тое ж самае, як вырачыся роднай маці. І ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, на думку песняра, мы зможам толькі тады, калі пад кожнай страхой, кожным дахам зойме пачэснае месца наша родная беларуская кніжка.
 На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані. А, магчыма, каб задумваліся, былі б болей памятлівымі, болей абачнымі і адказнымі, з большай цеплынёй ставіліся да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну — нашу мову.


      Ад прадзедаў спакон вякоў
      Мне засталася спадчына;
      Паміж сваіх і чужакоў
      Яна мне ласкай матчынай.
 
      Аб ей мне баюць казкі-сны
      Вясеннія праталіны,
      I лесу шэлест верасны,
      I ў полі дуб апалены...

                                         Янка Купала


    Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.
Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіць любоў і павагу да яе нашым дзецям.  “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч. І хочацца верыць, што наша родная мова заўседы застанецца любiмай, паважанай i ўвогуле, самай лепшай.

Изображение

свернуть

Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў

Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў. 

      Дарослы ведае, што кніга не толькі вучыць, развівае і выхоўвае дзіця, яна абуджае ў маленькім чалавеку самыя разнастайныя творчыя пачаткі, яна дапамагае дзіцячай фантазіі здабыць багатую вобразнасць і ўнутраны сэнс.

    Дзіця не можа не гуляць, не выдумляць, не складаць. Гэта непазбежна, гэта яго спосаб пранікнення ў рэальную рэчаіснасць. Але што менавіта ён выдумляе? Як складае і чаму складае менавіта гэта? Якія маральныя і эстэтычныя прычыны праяўляюцца ў дзіцячай гульні, якая патроху, часцяком незаўважна для самога дзіцяці, становіцца яго сапраўдным жыццём? Свет чытання, свет кнігі з яе літаратурнымі і графічнымі выявамі, дапамагае даросламу насыціцца і накіраваць дзіцячае ўяўленне. Кніга падае дзіцяці прыклад творчасці, прыклад творчага стаўлення да рэальнага часу. Менавіта тут, на кніжнай старонцы, малыя сустракаюць ўпершыню гарманічнае адлюстраванне рэчаіснасці. Кніжка распавядае самае галоўнае, паказвае самае прыгожае.

    Ёсць у дзіцячай літаратуры розныя кнігі: вясёлыя і сумныя, але яны заўсёды жыццесцвярджальныя. Таму дзеці не могуць не любіць кнігу, таму радуюцца кнізе, як святу. А дарослыя павінны падрыхтаваць гэтую радасць, дапамагчы дзіцяці зразумець, адчуць кнігу ва ўсёй яе паўнаце.

      Да нейкага ўзросту дзеці жывуць у казцы, як раўнапраўныя члены казачнага свету. І гэта натуральна, таму што казка блізкая і сугучная іх светаадчуванню. У самым пачатку жыцця яна сустракае дзяцей фантастычнымі вобразамі, займальнымі прыгодамі, маляўнічасцю і яркасцю свайго свету. Уся гэтая свежасць, чысціня, напеўнасць, гарманічная цэласць казкі служаць для маленькіх першым штуршком да развіцця фантазіі, мыслення, творчасці. Прастата і прыгажосць казачных герояў і іх учынкаў неабходныя дзіцячай свядомасці як першае адлюстраванне свету, сапраўдных чалавечых адносін у чыстым люстэрку сапраўднага мастацтва.

    У кожнай казцы пракладзеная мяжа паміж Дабром і Злом. Яны непрымірымыя ворагі, яны знаходзяцца ў адвечнай барацьбе. І ў гэтым проціборстве заўсёды перамагае Дабро, заўсёды перамагае справядлівасць. Гэтая ідэя перамогі Дабра над Злом заўсёды пераканаўчая, таму што выношвалася і нараджалася разам з узнікненнем свядомасці людзей і ўдасканальвалася разам з яго развіццём, таму што працятая верай і надзеяй ўсяго чалавецтва ва ўрачыстасць добрых спраў. А вера гэтая падмацавана часам. Менавіта таму такая моцная казка і менавіта таму дзеці так вераць у яе. У амаль любой народнай казцы ўсё падпарадкоўваецца толькі дасканалым законам чалавечага быцця, тым ідэалам, якія прайшлі праверку многіх пакаленняў людзей, выкрышталізаваліся, сталі агульначалавечымі. І дзецям лёгка прыняць гэтыя ідэалы, лёгка пагадзіцца заканамернасцю.

     Вельмі важна для дзяцей, што ў казцы герой, які ўвасабляе дабро, заўсёды станоўчы. Гэта ці непераможны волат, які абараняе свой народ, ці проста чалавек, які перамагае зло розумам, мудрасцю і знаходлівасцю. У любым выпадку станоўчага героя адрозніваюць розум, прыгажосць, умелыя рукі, альбо добрае чараўніцтва, а адмоўнага зло, пачварнасць і падступнасць. Таму дзеці любяць казачных герояў, вераць ім і пераносяць гэтую веру і любоў са свету казачнага ў свет рэальны.

   Дзякуючы казцы, дзеці пачынаюць ўсведамляць найгалоўнейшыя ісціны чалавечага жыцця. Казка дапамагае фармаваць асновы маральнасці, маралі, па законах якой ім трэба будзе жыць. Тая самая простая, найпростая казка, якую мы, стаўшы дарослымі, пачынаем лічыць дзіцячай забавай.

Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачыталі! 

Па матэрыялах:http://edu.gov.by.

свернуть

Якая цудоўная родная мова!

Якая цудоўная родная мова!

 

Калі шануеш тую мову,
ИзображениеЯкую продкі збераглі,
Скажы на ёй такія словы,
Каб у вяках яны жылі.
Каб той, хто прыйдзе за табою,
Не папракаў цябе ні ў чым,
А ўзяў бы мову, нібы зброю,
Каб для нашчадкаў берагчы.

                                   Ю.Свірка

 

   Мова… Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне чалавек – усе маюць сваю мову. “Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця – гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам”, - пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з’яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ёй людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваёй мэты, але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе.  У былыя часы людзі якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад Радзімы вельмі пакутавалі.

   “Наша мова – гэта народны скарб. Яго нельга не шанаваць, як нельга не шанаваць родны народ”, - з хваляваннем гаварыў Іван Мележ. Адзін вельмі знакаміты чалавек гаварыў: “Мова ласкавая і мілагучная, як песня”. Таму мы павінны “спяваць”, гаварыць на сваёй мове, вучыць іншых размаўляць на ёй. “Чалавек – гэта цэлы свет”, - сказаў Кузьма Чорны. Значыць, чалавек можа ўсё: можа ўзбагаціць нашу мову, можа аберагаць яе, змагацца за яе, каб не страціць зусім. “Хто забыў сваіх продкаў – сябе згубіў, а хто забыў сваю мову – усё згубіў”.

   Мова – гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Любі сваю мову за тое, што яна прыгожая і мілагучная, што яна дае людзям тое, без чаго нельга жыць. Любі сваю мову за тое, што яна самая найлепшая за ўсе іншыя мовы.

   Мову неабходна аберагаць і шанаваць. Мова і мы – гэта адзінае на свеце. Так павінен думаць кожны беларус. Любоў да яе павінна праяўляцца ў кожным нашым дзеянні і ўчынку.  Мова –гэта наша спадчын.

свернуть

Вывучаем беларускую мову

Не проста ў словы я гуляю - 

На мове роднай размаўляю.

М. Мятліцкі

Родная мова з'яўляецца значным сродкам засваення дзецьмі культуры свайго народа, фарміравання пачуцця нацыянальнай годнасці. Навучанню дзяцей родная мове, авалоданню яе багаццем надаецца вялікая ўвага ў праграме дашкольнай адакуцыі. З мэтай далучэння да багацця беларускай мовы  ў нашай установе адукацыі кожны тыдзень у чацвер праходзіць беларускамоўны дзень. Усе педагогі адукацыйны працэс праводзяць на беларускай мове. Дзеці знаёмяцца з беларускімі народнымі творамі літаратуры і фальклору, творчасцю беларускіх пісьменнікаў і мастакоў, з беларускімі народнымі музычнымі і рухомымі гульнямі.

 

Паважаныя бацькі!

На аснове Вашых пажаданняў ёсць магчымасць у нашай устанаве адукацыі арганізаваць групу з беларускай мовай навучання.

свернуть

Мудраслоўе на кожны дзень

МУДРАСЛОЎЕ

НА КОЖНЫ ДЗЕНЬ

Мова продкаў нашых і нашчадкаў,

Шэпт дубравы і пчаліны звон,

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону днёў.

 

    Развiццё асобы дзіцяці ў грамадстве немагчыма без ведання роднай мовы. Дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш  спрыяльным перыядам для авалодання беларускай мовай. Менавіта ў гэты прамежак яго жыцця фарміруецца цікавасць, патрэба да ведаў, якія адпавядаюць прыродным і індывідуальным задаткам, закладваецца трывалы фундаментведання роднай мовы.

Далучаючы дзяцей да святыні свайго народа – роднай мовы, мы будзем садзейнічаць не толькі, а і развіццю пазнавальных і інтэлектуальных магчымасцей, пазнанню беларускай культуры. Бо самае дарагое ў жыцці – гэта тое, што з маленства закладзена ў сэрцы. І менавіта родная мова з’яўляецца сувязным звяном у далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, вытокам народнай мудрасці.

         Культура беларускага народа найбольш значна выяўлена ў традыцыйных відах народнай творчасці: гульнях, звычаях, казках, песнях, танцах, музыцы, абрадах, святах, адзенні, творах  выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Творы народнага мастацтва цешаць нас не толькі сваёй прыгажосцю, мастацкім  афармленнем, але заўсёды і абавязкова маюць выхаваўчае значэнне.

         Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць свое народныя песні, танцаваць свае народныя танцы, ведаць, як з веку ў век святкаваліся святы ў нашым краі, любіць свае родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.

         Сёння многія выказваюць думку аб тым, што неабходна звярнуцца да сваіх вытокаў. Асноўным накірункам  работы з’яўляецца далучэнне дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбленае знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіццё любові, пачуцця грамадзянскасці  да Радзімы. Паспяхова вырашаюцца пастаўленыя задачы праз экскурсіі ў музей “Беларусская хатка”, дзе сабраны розныя прадметы быту жыхароў Беларусі.

         Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць іх добрымі, разумнымі, дапытлівымі, цярплівымі і ўважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што ён вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.

Не знішчым, не страцім, не згубім

Сваіх лугоў, азёр, сваіх лясоў.

І родны край, і мову не разлюбім.

У кожным сэрцы гэты дзеяслоў.

В. Гардзей

 

Литература:

Минич ,О.  Это сердце земли моей / О.Минич // Пралеска.-2011.-№5.-с.39

свернуть